Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПАД СЬПЕЎ ВЕТРУ

Вее вецер, сьвішча ў коміне,
Горка плача, надрываецца,
І цяпер мне тая музыка,
Як жывая, ўспамінаецца.

Помню хатку я старэнькую,
Што між лесу загубілася,
Каля хаты вярба ніцая
Да страхі гальлём схілілася.

Ночка зімняя, халодная…
Вецер дзьме, ня сунімаецца,
А над лесам гоман-шум густы
Гудам-гулам разьліваецца.

А ў каміне вецер песенькі
Расьсьпявае тонкім голасам
І па стрэсе сьнегам шорхае,
Нібы жыта сьпелым коласам,

То нясьмела ў дзьверы стукне ён,
Як-бы ў хату, бедны, просіцца,
То пад воканьнем закруціцца
Ды так горка разгалосіцца!