Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/197

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

БЕЛАРУСКАМУ ЛЮДУ

Змоўкні ты, сьціхні, песьня пакуты!
Заварушыся, наш край!
Люд беларускі! рві свае путы,
Новую песьню сьпявай!

Дружна, згодна станьма сьцяною —
Доля ня прыдзе сама,
Воля ня зойдзе к нам стараною,
Збоку дарог ёй няма.

Люд, праканайся: толькі мы самі —
Долі сваёй кавалі!
Годзі-жа, досыць панукаць намі,
Гнаць з нашай роднай зямлі!

Нам паганятых болей ня трэба —
Будзем мы жыць без паноў!
Самі вы дбайце лепей пра неба —
Скажам мы так да ксяндзоў!

Хіба забудзем мы тыя межы,
Што правадзілі бяз нас?
Раны глыбокі, ох яшчэ сьвежы!
Помсты агонь не пагас.