Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НА РЭЧЦЫ

У бераг высокі, дзе лозы растуць,
За хвалямі хвалі бягуць,

І ўсхліпвае рэчка ў пяскох залатых,
Як маці па дзецях сваіх,

І ў беразе вербы злучаюць свой сум
У гэты нярадасны шум.

І неба маркотна, і хмары плывуць,
Іх сьлёзы на землю цякуць…

Прыбіты вадою на срэбраны гак,
Ляжыць невядомы бядак,

Ваяка-салдацік ад дому ўдалі…
Яму не знашлося зямлі!

Эх, ты небарака! то знаць па табе
Усё вецер сумуе ў вярбе,

І рэчка ў хвалях-жалобе бяжыць
І смутак імглісты ляжыць…