Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

„АСАДЗІ НАЗАД“

Дрэнна маё жыцьце,
Ўсё ідзе ня ў лад,
І крычаць мне ўсюды:
„Асадзі назад!“

Божа ты мой мілы!
Б‘юся я, як гад,
Толькі-ж дзе ні ткнуся —
„Асадзі назад!“

Помню я жаніўся.
Добры быў мой сват.
К дзеўцы нас паткнулі —
„Асадзі назад!“

Дзеўка была важна,
Ды сусед — Кандрат
Ногу мне падставіў —
„Асадзі назад!“

Трапіў раз у горад,
Быў якраз „парад“,
Лезу я наперад —
„Асадзі назад!“