Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ВЕРНЫЯ СЯБРЫ

Я быў адзін. Браты і сёстры,
Сябры пакінулі мяне.
У глыбі душы, на самым дне,
Я смутак чуў сьмяртэльна-востры.

У час вялікай адзіноты,
Калі мяне забылі вы, —
О, мілы мой адзін адно ты
Са мною быў гарадавы!

Ды як Мікодым за Язусам,
Памоцнік прыстава здалёк
Ішоў, глядзеў, бы кот за трусам,
Як „ніжні чын“ мяне валок.

Прывалаклі, ў вастрог упхнулі,
У гэту чортавую пасьць,
І тут яны так уздыхнулі,
Як-бы цяжару ўзяўшы часьці.

І разьвітаўся я тут з імі,
Памысьліў з роспачы-нуды:
„Няхай-жа водзяць вас сьляпымі,
Як вы вялі мяне сюды“.

1911 г.