Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

А каб справіцца з няпраўдай,
З крыўдаю, з бядою,
Дык націснуць трэба людзям.
Дружнай грамадою…

Конь запрэжан, ўсё гатова.
Смутная дарога!
Ня суліць яна старэнькай
Добрага нічога.

Горкі жаль акрыў кабету
І здушыў ёй грудзі.
Ў кут забілася і плача,
Каб ня зналі людзі

Яе гора і трывогі
І жальбы па сыну.
— З богам, сынку! хай дае ён
Добрую часіну! —

Рушыў конік. Заскрыпелі
Весьніцы гаротна.
Азірнуўся бедны хлопец
Горка і маркотна.

На дварэ стаіць матуля,
Галавой кіўнула,
А сама сьлязу буйную
Рукавом змахнула.

Вось і поле. Конік трусіць.
Вецер падзімае.