Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/134

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПЕРАД СУДОМ

Не ў салдаты выпраўляе
Маці свайго сына,
Не на службу ў двор да пана, —
Едзе ў суд хлапчына!

Знае маці — не жартуюць,
Судзяць судзьдзі строга,
Хоць сынок яе ня злодзей,
Не зрабіў нічога:

Не забіў, не абясславіў, —
О, не, не! крый божа!
Гаварыў ён — ну, што ў гэтым? —
Што так жыць ня гожа,

Жыць і гнуцца. Прад багатым
Поўзаць чарвякамі,
Што даволі ўжо цярпелі
Доўгімі вякамі,

Што даўно пара за розум
Бедным людзям ўзяцца
І парадкаў справядлівых
Трэба дабівацца.