Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Мокры клунак загарнула
Хусткаю старою.
Асьцярожна — стук у дзьверы
Ззяблаю рукою.

Загрымеў ключом турэмнік,
Глянуў у ваконца.
— Што табе? спытаў сярдзіта.
— Ой, маё ты сонца!

Ці ня можна бачыць сына?
Я здалёк, саколік!
„Апазьнілася, старая —
Прыхадзі ў аўторак,

А цяпер ідзі да дому
І — бывай здарова!» —
І аконца загрымела
Злосна і сурова.

Божа! колькі прастаяла,
Колькі часу ўбіла.
Процьма грошай на дарогу
Марна загубіла.

Што рабіць? Хто ёй парадзіць
Хто ёй растлумачыць?
Да каго пайсьці маліцца,
Каб сынка пабачыць?

Жаласьць к сэрцу падступіла —
Бедная кабета!