Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Што-ж табе пісаць старэнькі?
— А пішы, нябога!
Жонка, сын мой даражэнькі!
Шлю паклон з астрогу.

Сэрца мне баліць, і вас я
З думак ня спускаю.
Кожны божы дзень і час я
Дом успамінаю.

Жонка мая дарагая!
Ты ня скрыўдзь Івана.
Калі грошай не хватае,
Папрасі ў Сьцяпана.

Няхай Сьцёпка не баіцца —
Аддамо з падзякай.
Хлопцу-ж трэба хоць акрыцца,
А ня йсьці сабакам.

Спраў кажух яму і боты,
Выпраў, як і людзі.
Дай з сабою колькі злоты —
Весялейшы будзе.

Калі корму досыць маеш,
Падкармі больш сьвінку,
Мо‘ якую захаваеш
На вялікдзень шынку.

А калі на грош няхватка
Або корму мала,