Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

УСХОД СОНЦА

На усходзе неба грае
Пераліўным блескам,
Сыпле золата над гаем
І над пералескам.

Чуць-чуць дрогне, прыліецца
Чырвань на усходзе —
Гэта неба усьміхнецца
Людзям і прыродзе.

Сьмех адказны, сьмех шчасьлівы
Ходзіць на пагорках.
Час сьвітаньня — час жычлівы…
Гаснуць, нікнуць зоркі.

Шырай, шырай зараніца
Разьнімае крыльле,
Нібы пожар б’е крыніцай
Там на небасхіле.

Сноп праменьняў, пышна ўзьняты,
Сее блеск-чырвонцы —
Гэта неба сьцеле шаты
На дарогу сонцу.