Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

МОЛАДАСЬЦЬ

Чым успомніць цябе, моладасьць,
Жыцьця сьветлага ты раніца?
Пралятае вясна мілая,
Ды вясна мая туманіцца.

Дзе вы, думкі мае чыстыя,
Майго сэрца дзеткі мілыя?
Як лёгка жылося з вамі мне
У дні шэрыя, пахілыя!

І ня раз мяне вы цешылі
Ў ночку цёмную, бяссонную,
Хоць на момант засланялі вы
Ад вачэй нуду бяздонную.

Дзе ты, краска, зорка ясная?
Між народу ты сьвяцілася,
У глухім кутку забытая,
Па жыцьцю ты ўсё смуцілася.

Ці цьвяцеш ты, ці засохла ты
У краі тым адзінокая?
Ці ёсьць іскра агню божага,
Мая ластаўка далёкая?