Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/328

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Прыходзіць служывы. „Эй, добрыя людзі!
Прыпынак салдату на ноч ці ня будзе?“

І рады-б, саколік, ды ліха такое:
Ня будзеш мець, родны, ўсю ноч ты пакою.

Ёсьць у нас хата, але заклятая:
Там „Рыну“ ўсё ходзіць і сон адганяе. —

Патыліцу джургнуў салдат і гаворыць:
— Няхай сабе рыне, ня буду з ім спорыць. —

Паслалі салдату, як добраму пану.
— Пабудзіце, братцы, як сам я ня ўстану. —

Салдат пацягнуўся і выпрастаў ногі,
Салодка зяхнуў так, вядома з дарогі,

Як пласт, паваліўшыся на мяккае сена
(На ўсякі выпадак пад бок ўзяў палена).

Даўно не ляжаў наш салдацік так пышна.
Ляжыць ён спакойна, крыху такі сьцішна,

Але сваё права ўсё-ж сон забірае
І вочы салдату драмком засьцілае.

Вось поўнач падходзіць, магільная ціша,
Вакол усё замёрла, здаецца ня дыша…

Салдат здрыгануўся, прыслухаўся — Рыну!
Пабеглі мурашкі ў салдата па сьпіне.