Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/326

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ня крычы ты, ня крычы,
На мяне, Гануля,
І мянушак ня лічы,
Языка ня муляй!

Каб ты, Ганна, ведала,
Як цябе кахаю,
Як, залёгшы ў седала,
Па табе ўздыхаю!

Ды ня бойся, не шманай —
Што каму за дзела?
Там-там-там-там! та-ра-рай!
Ідзі, Янка, сьмела!

Бо ты толькі й бачыш рай,
Як гарэлкі хваціш.
Скачы, Янка, выцінай,
Покі сіл ня страціш!

Скача божы сьвет вакруг,
У ваччу траіцца,
Лезе з плеч стары кажух,
Хоча закруціцца.

А ты, Янка, не зважай
На кажух падраны!
Прэч з дарогі! уцякай,
Бо йдзе Янка п‘яны!

1912 г.

|}