Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/323

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПАХМЕЛЬЛЕ

— Годзі, жонка! Ну, ня лайся:
Больш гарэлкі ані ў зуб!
Калі вып‘ю, ну, хоць кроплю,
Бі мяне, цягай за чуб!

Сам, нябож, я добра знаю,
Што з гарэлкі сьвет гарыць…
Тфу, паскудзтва! тфу, брыдота!
Хоць зарэж, — ня буду піць! —

Так прад жонкай спавядаўся
Посьле выпіўкі Тарас:
— Ну, на гэты раз павер мне —
Каб я жыў — апошні раз!

— Ой, ня раз я гэта чую!
Заракалася сьвіньня
За вугол хадзіць, Тарасе, —
І табе ня веру я!

— Ты ня верыш? Эх, Марылька!
Хочаш? я іду ў заклад
Залажэмся на цікавасьць:
Ты праграеш, як бог сьвят!..