Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/321

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Пройдзе боразну аратай,
Сошку падтрасае,
Сам назад увесь падасца —
Конік службу знае:

Сам заходзіць без панукі,
Без каманды спраўна,
Аж нейк глянуць на сівога
Люба і забаўна.

Нібы знае сівы конік
Думкі аратая,
І яго панукі-крыку
Сіўка не чакае.

Завярнуўшыся, аратай
Спыніць друга-сіўку,
Слова добрае прамовіць
І паправіць грыўку.

Гладзіць коніка па шыі,
Мух дакучных гоніць,
Як-бы з самым лепшым другам,
З сіваком гамоніць.

— Змардаваўся, адпачынь, брат,
Пастаім, пакурым.
Вератнік мы гэты скончым,
Спачываць патурым. —