Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/316

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

СЯЛЯНСКІЯ ДУМКІ

Невясёлая, галодная,
Халадэчамі багатая,
Эх, вясна, вясна халодная,
Чым пацешыш ты аратая?

Не растуць хлябы, — марнуюцца,
Сохне праца ўся вялікая.
Драсяны ў жытох красуюцца,
Ў ярыне — сьвірэпка дзікая.

На лугі зірнеш мурожныя —
Жоўкнуць травы і старэюцца
Ды грудочкі прыдарожныя,
Як бародаўкі, жаўцеюцца.

Ветры з поўначы халоднае
Веюць злоснымі парывамі.
Ходзяць хмары, ды бясплодныя,
Не раняюць сьлёз над нівамі.

Мусіць, ведаюць, што нашымі
Сьлязьмі — потам бедачынымі
Шчыра зьліты нівы з пашамі,
Луг шырокі з азярынамі.