Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/312

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Позны час, але ня сьпіцца
Базылю старому:
Што магло-б там палучыцца
Пятрусю малому?

Што-ж да гэтуль ня прыходзіць?
Час вярнуцца з дому…
Думка думку ў дзеда родзіць,
Неспакой старому.

І нарэшце ня ў трываньне.
Нейкі страх вярзецца,
Не бярэ сон ані званьня,
Дзед дамоў пляцецца.

Глуха, пуста. Сном глыбокім
Сьпяць па хатах людзі.
Цісьне землю ночка мрокам,
Ноч сыйсьці марудзіць.

— Дома Пётра? — дзед спытаўся.
— Не, няма! — Дзівота!..
І трывога, рух падняўся,
Клопат, страх, згрызота…


∗     ∗

Сярод грэблі, між бярвеньня,
Ўвесь гразёй заліты, —
Божа мілы! вось здарэньне!
Як-бы кім забіты,