Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/305

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З ПЕСЕНЬ АДЗІНОКАГА

1

Я — адзін, жыву бяз дому,
Сам сабе я першы пан,
Галавы ня гну нікому,
Ня схіляю гібкі стан.

Я — адзін, нічым ня скован,
Волен я, бы дух палёў,
Ад разбойнікаў захован,
Ад усякіх зладзяёў.

Я — адзін, нічым ня зьвязан,
Мне няма над чым карпець,
Сьвет нідзе мне не заказан,
Волен ўсюды я ляцець.

Скарб мой — рукі, мой конь — ногі,
Як пайду — сам чорт ня брат.
Кій у рукі і з дарогі
Бяз нуды зірну назад.