Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/301

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Хаты, гумны, варывенькі,
Цэрква на грудочку…
Эх, як міла, весяленька
У сваім куточку!
А тут хата, як адрына,
Як хлеў, — сьвету мала.
І надумаўся хлапчына
Даць адгэтуль драла.
Многа думаў так і гэтак, —
Не бярэ нічога!
А з палетка на палетак
Скача, йдзе дарога…
Ён на заўтра ўстаў ранютка,
Аж да ўсходу сонца,
Чуць што глянуў дзень ціхутка
Ў хату праз ваконца.
Наш Алесь перахрысьціўся,
Глянуў на палаці,
А там дзед той разваліўся,
Але ціха ў хаце.
Згроб свой клуначак пад паху —
Загадзя сабращся —
Асьцярожна, поўны страху,
Да дзьвярэй падкраўся
І ціхутка — стук у дзьверы,
Шугануў у сені!
Сэрца білася бяз меры,
Трэсьліся калені.
Ён кулём, як ліс у норы,
За хлявы, ў задворкі…