Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/300

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Як-бы сьвет тут зачыніўся
Ў гэтай нуднай яме.
Ўсё тут дзіка, ня цікава,
Бы ў яловым лесе,
Кожны вугал неласкава
Глянуў на Алеся.
Ўсё ня гэтак, як там, дома:
Лавы, печ старая,
Кожна рэч тут незнаёма,
І яму чужая.
Ўсё — качэргі і аконцы
На нуду наводзяць,
І тут нават ня так сонца,
Як там, дома, ўсходзіць,
Ды і людзі не такія,
Накшая гаворка,
І алешнікі ня тыя,
Ня той луг, узгоркі.
Вышаў з хаты, прытуліўся
Пад грушаю ў полі
І так моцна засмуціўся,
Бы ў якой няволі.
на дарогу пазірае,
Што вядзе дахаты,
Што, як стужка, агібае
Цёмны лес кашлаты.
І так мілы хлопцу сталі
Родныя палеткі,
Лес, што нікнуў ў сіняй далі,
Узгоркі, межы, кветкі,