Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/286

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Я ня буду доўга,
Зараз-жа вярнуся:
Трошачкі на рэчцы
Ў санках паважуся.

— Ну, ідзі пабегай,
Толькі апраніся
Ды глядзі, ў палонку,
Сынку, не ўваліся. —

Радасьць і раздольле
Хлопчыку малому,
І не пазайздросьціць
Ён цяпер нікому!

На плячо — сякерку,
Саначкі — у руку,
Хлеба ўзяў кусочак.
— Цюцік! — сьвіснуў Жуку.

Пад скарынкай лёду
Тут-жа каля хаты
Працякала рэчка
Скрозь лясныя шаты.

Побач тэй рачулкі
Кучы буралому,
І застыла рэчка
Мёртва, нярухома.