Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/268

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А што трэба яму?
Чаго ўзьлез ён на дах?
Ці ён грозіць каму,
Ці спужаў яго страх?

— Ой, блазнота мая,
Ну-ж з цябе і сьмяляк!
Чаго думка твая
Устрывожана так?

Гэта-ж вецер, сынок.
— Ён жывы, ці які?
— Ды не, мой галубок!
Гэта — подых такі.

— А што робіць ён? — Хто?
— Ну, той подых! скажы!
— Нямаведама што
Ты гаворыш!.. Ляжы!

Васілёк замаўчаў,
Нярухліва ляжыць,
Мусіць думаць пачаў,
Чаго вецер шуміць.

А ён, нібы той зьвер,
Плача, вые, гудзе.
— А дзе тата цяпер?
Чаму доўга ня йдзе?