Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/257

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Будзь старанным, сынку, —
Станеш чалавекам,
Будзеш ты чытаць нам,
Цемнікам, няўмекам,

Што у кнігах пішуць,
Што мы ў сьвеце значым,
Бо мы самі цёмны,
Сьвету мы ня бачым.

Слухай, што настаўнік
Гаварыць там будзе
Пра навуку, кнігі
І аб цёмным людзе.

А старанны будзеш,
Да навукі здатны, —
Я прадам кароўку
І кажух астатні, —

Далей йдзі ў навуку,
Толькі, брат, вучыся.
Дык глядзі-ж, сыночак,
Шчыранька вазьміся!

На гульню пустую
Плюнь, махні рукою,
Каб і я і маці
Цешылісь табою. —