Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/249

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПАНАС ГУЛЯЕ

Што мне жонка! што мне дзеці?!
Эх, Панас, ва ўсю гуляй!
Ёсьць там мерка жыта ў клеці, —
Хаім! піва падавай!

Напляваць мне на падатак!
Што мне земскі, старшыня?
Хаім! люльку на ў задатак —
Дай мне царскага віна!

Ды дай булак на паўзлоты,
ды прыпраў мне селядца!
Ўсё прап‘ю: халат і боты…
Пачынай, Панас, з канца!

Вось ідзе Панас, сьпявае,
Страшыць жонку і дзяцей,
Кулаком усім махае,
Пабудзіў усіх людзей.

Дома ён разбушаваўся.
Дзед вяроўку ўжо прыпас…
Пад сталом ноч пракачаўся
П‘яны, зьвязаны Панас.

1909 г.