Гэта старонка была вычытаная
ВЫСОКІ БЕРАГ
Высокі Бераг, родны, мілы!
Люблю я твой пяшчаны скат
І хвоек нізкіх гурт пахілы,
Капцоў гранічных цэлы рад.
Люблю той лес, што над табою
Высока ўзьняў свае камлі,
Яго-ж карэньні над вадою
Нібы вянок табе сплялі...
Струменіць Нёман срэбраводны
Ў тваіх прыўдалых берагох,
А ў лозах ветрык вее згодны,
І ходзіць шум па чаратох.
Высокі Бераг, кут мой мілы!
Люблю я жоўць тваіх пяскоў,
разложных хвоек гурт пахілы
І ціхі гоман лазьнякоў.
1915 г.