Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/211

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ГЛУХАЯ ДАРОГА

Наракаюць і смуткуюць
Дзьве сястрыцы, дзьве пуцінкі,
Што ў палёх адны пустуюць,
Што іх глухнуць каляінкі:

„Конік возу тут ня цягне,
І ня ходзяць больш тут людзі,
Ці то леглі мы на багне?
Хто-ж нам сон-спакой абудзіць?
Нам тут сьцішна і журботна:
Мы адны тут, бы ў пустыні.
Зельле сьцеле нам палотны,
Забіваюць нас палыны.
Дык нашто-ж, нашто было нам
Тут лажыцца, вывівацца
Ды імклівым бегам-гонам
З белым сьветам спазнавацца?
Хто-ж нас кінуў тут на полі?
Чаму-ж нам закрыты далі?
Каб мы зналі, мы-б ніколі
Тут сьлядоў сваіх ня клалі!“