Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/204

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

АПОШНІ ЛІСТОК

Ў сьпусьцелым садку
Глуха вецер шуміць,
На галінцы лісток
Баязьліва дрыжыць.

Ўсе лісточкі даўно
Вецер-сівер разьнёс,
Толькі гэты лісток
Моцна к дрэву прырос.

Трэпле бура яго,
Палівае дажджом.
Разлучацца-ж яму
Шкода з родным гняздом,

З тэй галінкай, дзе ён
Жыцьця радасьць пазнаў,
Дзе вясной вецярок
З ім любоўна шаптаў.

І блішчала на ім
Летнім ранкам раса,
Цалавала яго
Залатая каса…