Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/195

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ДУБ

Сілачом стаіць
Дуб разложысты,
І здалёк відаць
Пышны верх яго.

А ўнізе пад ім
Нёман коціцца,
Срэбрам-стужкаю
Павіваецца.

У нагах трава
Нізка сьцелецца,
А вакол ляжыць
Травяністы луг.

Ўглыб зямлі вайшлі
Карані яго.
Крэпка дуб стаіць,
Не варушыцца!

Так размашыста
Параскіданы
Ва ўсе стораны
Лапы крэпкія.