Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/191

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НА ПОЛІ

Шэпчуць згодна каласінкі,
Гойдаюцца нівы.
Ходзіць гоман між збажынкі,
Мілы і шчасьлівы.

Колькі шуму ў нашым збожжы,
Сьпеву і гаворкі!
Як вы мілы, як прыгожы,
Родныя пагоркі!

Як старанна заараны,
Поле, твае скаты!
Межы кветкамі убраны
Пышна і багата.

Над жытамі песьні льлюцца,
Толькі сонца ўстане.
Люба глянуць, азірнуцца,
Стаўшы на кургане.

Па краёх палёў шырокіх
Цёмны лес сінее.
Колькі ў полі адзінокіх
Грушак зелянее!