Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/189

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЖНІВО

(Сялянскім жанчынам)

Рэдкае збожжа, травы палавіна,
Колас ня гнецца зярном да зямлі.
Знаць, нешчасьліва была та часіна,
Як кідалі зерні сяўцы па ральлі.

Вышлі на поле, вось жнеі з сярпамі,
У лапцях лазовых, а хто без лапцей,
Ніва пустымі шуміць каласамі,
Ніва ня цешыць жаночых вачэй.

Цяжка ўздыхнуўшы, збанкі пастаўлялі,
Клункі на межах паклалі жанкі.
Бабы старыя свой твар пажагналі,
Моўчкі за працу ўзяліся дзяўкі.

Горача ў полі. Эх, жар дакучае.
Праца марудна, бясконца цяжка!
Сьпіну і плечы ім боль адбірае,
Аж дзервянее у жнеек рука.

Збэрсана жыта, чапляецца колас.
Жменя нажата, разгнецца жняя,
Жыта паложыць на скручаны пояс…
Цяжкая, жнейка, работа твая!