Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/187

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЖЫТА

Неспакойна зашумела
Маладое жыта
І штось боязна шапоча
Ды няўцямна-скрыта.

І калосьсе многазначна
Клоніць, гне галовы.
Нібы іх чым устрывожыў
Душны дзень ліпнёвы.

І гамоняць ды гамоняць
З срэбранай саломкай.
І шумяць, шумяць загоны
Сьцішанай гамонкай.

Што варожыш ты нам, жыта,
Гнешся траўкай ніцай?
Ці бяду ты прачуваеш,
Подых навальніцы?

Неба з захаду цямнее,
Крые даль смугою.
Шэпча жыта, нібы стогне
Здушанай тугою.