Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/184

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НЕБА

Дружа! кінь на неба вока.
Колькі зорак, колькі зор!
Як прывольна, як далёка
Зьзяе, сьвеціцца прастор!

Як спакойненька ў разлогах
Ходзіць хмарак харавод,
І няма ім у дарогах
Ні бяды, ні перашкод.

Палюбуйся, паглядзі ты,
Як прыгожанька ўгары,
Як ўсюды бляск разьліты,
Быццам неба ў пажары!

А цяпер зірні на землю:
Як тут цёмна, дарагі,
Як тужліва яна дрэмле
І як сон яе даўгі!

1909 г.