Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/180

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ДАРОГА

Між сьпелага жыта
Сінее валошка,
Бяжыць паміж нівак
Крывая дарожка.

Скажы мне, дарога,
Хто езьдзіць табою?
Куды ты крывенькай
Бяжыш паласою?

Па ўзгорках высокіх,
Багатых пяскамі,
Даўно пралягла ты
Двама паяскамі.

Скажы мне, дарожка,
Чаму ты крывая
І вузка і цесна,
Як доля людзкая?

Бяжыш ты часамі
Праз горы, курганы…
Чыею рукою
Крыжы пастаўляны?