Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/172

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ВЁСКА

Цесна зьбіты нашы хаты,
Як авечкі ў летні жар, —
Для агню тут корм багаты,
Як укінецца пажар.

Хлеўчык, пограб і гуменцы
Пад адзін зьліліся плех,
Трэскі ўсаджаны ў вакенцы,
Замест шкла — радняны мех.

Загародка пад ваконьнем,
Блісьне кветка дзе-ні-дзе.
Зельлем глушыцца, драсёньнем
Мак, цыбулька на градзе.

Зелянеюць два-тры клёны,
Гляне ліпа дзе з-за хат.
Дзе-ні-дзе садок зялёны
Нізкіх вішань чэзлы рад.

Граблі, сані пад страхою,
Колы, сошка, барана,
Кол з хваёваю мятлою,
Ўбіты ў дол каля вакна.