Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/167

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЖЫТНІ КОЛАС

На саломцы тонкай
У траве густой
Сьпее адзінокі
Колас сіратой.

Ці то птушка божа
Кінула зярно,
Ці то заняслося
Бураю яно,

Ці з дзіравай торбы
Конік чый згубіў,
На чужую скібу
Зерне пасадзіў, —

Неба яго знае,
Як сюды папаў,
Хто ад роднай нівы
Зерне адарваў…

Сушыць яго сонца,
Хіліць вецярок.
Ные сірацінка,
Плача каласок.