Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/160

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НОЧ

Што за ноч! Што за ціш!
Змоўклі травы, краскі.
Усплыў месячык на ўзвыш
Баяць сьвету казкі.

Неба слухае той сказ,
Хмаркі ні схіснуцца
Толькі зоркі раз-па-раз
Ціха усьміхнуцца,

Каб сказальніка свайго
Пахваліць, як трэба,
Нават зьнічкі ў чэсьць яго
Асьвятляюць неба.

А ён, смутны вартаўнік
Цёмных шатаў ночы,
Засароміўся, і зьнік
Бляск яго сірочы,

Зьнік у рунях і ў шаўкох
Хмарачак маўклівых,
І гусьцей на землю зьлёг
Гэты змрок страхлівы.

1922 г.