Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/155

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПЕСЬНІ ЗІМЫ

Люблю я зімы з маразамі,
Завеі белыя ў палёх,
І сьнегу скрып пад палазамі,
І ціш зімовую ў лясох.

Люблю я ветру сьпеў гаротны
Ў сялянскіх комінах пустых,
На полі белыя палотны —
Абрусы хмарак сьнегавых,

Што засьцілаюць лугавіны
І далі ціхія палёў.
Мне любы елкі і хваіны
Пад белай посьцілкай сьнягоў.

У гэтых зьявішчах свабодных,
У тых малюнках халадоў,
Так многа песень, сэрцу родных
Адбіткаў мілых мне гадоў.

1916 г.