Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

СУШ

Выйдзі ў поле, глянь, паслухай:
Ці-ж ня ўгледзіш сум жывы?
Ці ня ўловіш скаргу нівак,
Тугу красак і травы?

Ці ня ўловіш сэрцам чуткім
Сьпеў гаротны ручаёў?
Ці ня ўчуеш шум сірочы
Ярыны, грачок, жытоў?

Толькі-ж неба зло-няўмольна —
Што яму да той зямлі,
Дзе над сіняю смугою
Далі немыя зьляглі?

Нікнуць хмары, як сьняжынкі,
Разганяюць іх вятры,
І тужліва пазіраюць
На палі гаспадары.

1913 г.