Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЗАХОД СОНЦА

Дагараў дзень, і зьнікалі
Ціха яго блескі,
У зьмярканьні прападалі
Гай і пералескі.

Над раўнінай сьнегавою
Чырваньню пажара,
Як-бы стужкай залатою,
Зьзяла ў блеску хмара.

І ўзьняліся, заігралі
Два слупы ад сонца,
Чуць прыметна ў іх дрыжалі
Хмарак валаконцы.

Блеск па небе разьліваўся
Хваляй агнявою.
Я стаяў і любаваўся
Дзіўнаю гульнёю.

І далёка скрозь па полі
Гладзь сьнягоў бялела.
Я глядзеў — душа-ж па волі
Плакала і млела.