Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ВЕСНАВЫЯ ХМАРКІ

Сінім стэпам-даліною
Ходзяць хмаркі веснавыя,
Чарадою, грамадою
Сакавітыя, густыя.

Ой, вы, хмаркі, неба дзеці!
Як вы сэрцу майму мілы!
Носіць вецер лёгкакрылы
Вас, любыя, па ўсім сьвеце.

Люба мне, як думкай божай
Ціха зьвісшы над палямі,
Вы гугукнеце часамі
Громам-грукатам прыгожым.

Як маланка узаўецца,
Блісьне стужкай агнявістай,
І як песьняй галасістай
Вам зямелька адгукнецца.

Ліне дожджык, даль завесіць
Белай сеткай срэбратканай,
Цёплы дождык і жаданы
Гоман ўзьніме ў полі, ў лесе.