Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/129

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПЕСЬНЯРУ

Засьпявай ты мне песьню такую,
Каб мне душу паліла яна,
Каб у ёй ты нядолю людзкую
І ўсё вычарпаў гора да дна.

Скажы, як ў няволі жывецца,
Як нам шыі здушыла ярмо,
Як душа наша томіцца, рвецца
Як жыцьцё прападае дармо.

А той мут, што жыцьцём называем,
Страсяні і да дна ўскалышы,
Няхай сэрца ў грудзях узыграе
І зазвоняць ўсе струны душы.

І каб кожны тваё пачуў слова,
І той нават, чый дух заскаруз,
Каб хіліліся з жалю галовы,
Каб затросься узбурана вус.

Засьпявай-жа ты песьню такую,
Каб маланкай жахала яна
І паліла нядолю людзкую,
Каб грымела, як гнеў пяруна.

1910 г.