Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/125

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Падарожны ажывіўся,
Бляск надзеі засьвяціўся
Ў яго стомленых вачах.

І цьвярдзей ступаюць ногі.
Цяжкасьць труднае дарогі,
Сьпёка, вар яму ня страх.

А дзярэўцы ўсё здалёка
Так і вабяць яго вока,
У цянёк яго завуць.

Падарожнаму здаецца,
Што крыніца там ліецца,
Хвалі ў радасьці пяюць.

Вось бліжэй, бліжэй расьліны.
Купы лозак і каліны
Акружаюць беражок.

А з зялёненькіх галінак,
З розных красак і травінак
Гожы сплецены вянок.

Скрозь лісточкі і галінкі
Ўлоньне ямы-азярынкі
Срэбрам зьзяе-аддае.

Падыходзіць падарожны
І на бераг, на мурожны!
Прагна воду дастае.