Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЖУРБА ПАЛЁЎ

Уплывалі хмары-горы
Белымі клубкамі,
Нібы крыгі ледзяныя
З меднымі краямі.

Ападала іх заслона
Сумятлівай кучай,
Як-бы сам бог на іх дзьмухнуў
Сілаю палючай.

Увачавідкі, як сьняжынкі,
Раставалі хмары.
Так на ўсходзе прападаюць
Ночы страхі, чары.

Расьсьцілалася шырока
Неба сінь-лазура,
Ды прырода пазірала
Хмурна і панура.

Быццам думкай невясёлай,
Наміткай туману
Расьсьцілаўся луг і поле.
Лес, гаі, курганы.