Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Нямее ўсё, маўчыць, чакае,
Надзеі тоіць усё вакол
І прагна вільгаць палыкае
Акамянелы, пылкі дол.

Глядзіць і лес і луг з мальбою,
Гадае, думае зямля,
Што хмарка дожджыкам-сьлязою
Спадзе, — ажывіцца ральля,

І ў неба дойдзе плач з туманам,
Што сівым дымам нема зьвіс
Над цёмным лесам і курганам,
І ліне дожджыкам на ніз.

Плыве хмурынка ў сінім полі,
Мінае лес, мінае гай —
Яна ня чуе крыку болі,
Бо вабіць хмарку іншы край.

1909 г.

|}