Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

АСЕНЬНІ ДОЖДЖ

Сыплюцца кроплі часта і дробна,
Ціха па стрэсе бубняць.
Смутак наводзіць шум іх жалобны,
Смутку таго ня суняць.

Хліпаньне, плюскат… Ночка глухая
Цягнецца доўга, як год,
Вецер заложны шуміць, ня сьціхае,
Жаласна сьвішча праз плот.

Кружацца думкі, сон разганяюць,
Мары наводзяць і сны,
Волю далёкую мне ўспамінаюць,
Дні маладыя вясны…

Сыплюцца кроплі часта і дробна,
Ў сьцены, у вокны бубняць.
Смутна іх песьня, плачу падобна,
Смутку-ж ніяк ня суняць.

1909 г.