Старонка:Zbor 7t t4.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— От! — кажа Хрума і смяецца,
Такою добраю здаецца,
Што наш Амброжык увесь тае
І Хруму маткай называе.
— Ах, пан Амброжык! нашто жарты?
— Галубка-мама! стаў дзве кварты! —
Ўсе ажылі і разышліся.
Такія мовы паліліся,
І пахвальба пайшла такая!
— Падаць мне Тэша! — Лось гукае. —
Я разарву яго вантробы,
Бо свет гарыць з яго, хваробы!
Падайце: вырву яму вусы
За ўсе даносы, за падкусы! —
Абрыцкі-Тэш быў-такі з нюхам,
Ад Хрумы зызнуў адным духам.

Быў позны час, як «цётку» Хруму
З вясёлым шоламам і ў тлуму
Лясная стража пакідала.
Ў яе вачах зямля скакала
І месяца бліскучы крайчык
Па небе пстрыкаў, як той зайчык.
Счакаўшы трохі, разышліся,
І песні зараз панясліся
То тут, то там і лес будзілі,
Як бы ваўкі там галасілі.
 
«Ой, пайду дадому,
Не скажу нікому.
Ды зарэжу ката,
Бо наш кот — сірата!»
Спяваў Амброжык за балотам,
А Пальчык сыпаў як бы шротам:
«Будзе мяне жонка біць,
Няма каму бараніць!»
Міхал спяваў баском спавагу,
Як бы каваў ён словы шлягай:
«Добра мера, хоць без грошай,
Абы празнічак харошы!»