Старонка:Zbor 7t t4.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У гэты дол чужы, пастылы
І горкім потам аблівайся;
Зрабіў парадак — выбірайся
Ды йзноў ідзі адсюль у госці…
Эх вы, паны! Эх, ягамосці!..

V

ПЯРЭБАРЫ

Вясны чакаў Міхал з сям’ёю,
Чакаў з трывогаю: вясною
Ў лясніцтве йшла ператасоўка
Служачых нізшых, пераходы —
Тут так вялося з году ў годы, —
І як ні думае галоўка,
Нічога выдумаць не можа;
Ніяка просьба не паможа,
Калі на чым ляснічы ўпрэцца.
— А можа, дасць Бог, ператрэцца.
І тут гадок ці два пабудзем, —
Сабе не верачы і людзям,
Міхал так думаў, сумняваўся
І тут астацца спадзяваўся.
 
Ды раз у сесію Міхася
К сабе ляснічы заклікае.
«Ну, гэта нешта азначае», —
Ў Міхала думка праняслася.
І ў канцылярыю ўваходзіць,
Вачэй з ляснічага не зводзіць,
Чагось-та важнага чакае.
— Ага, ты тут! Ну, чалавеча,
Збірай манаткі і ў Парэчча
За добры час перабірайся!
Перад Вялікаднем старайся
Туды, на месца, перабрацца.
Жыві там, нечага баяцца.
— Панок, за што? — Міхал пытае. —