Старонка:Zbor 7t t2.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Скажы мне, мой любы, ці праўда ўсё гэта:
Калі мае вочы — узлёты зарніц,
Тады тваё сэрца — адсвет бліскавіц,
Душа-ж у грымотныя хмары адзета?

Ці праўда, што соладкі вусны мае,
Як лісцік разгорнуты краскі тае,
Што чарамі вёсен цвіце маё цела,
Што песняй, як арфай, зазвоніць зямля,

Як толькі нага па ёй ступіць мая?
Ды то не мана, што і ночка нясмела
Мне ў радасці плача бліскучай расой,
Што я аздабляю і золак сабой?

Ці праўда, што толькі адну мяне ў свеце
Шукала каханне тваё, дарагі,
Блукаючы доўга па свеце тугі,
Каб сэрца сугучнасць пачуць, запрымеціць?

Калі-ж тваё сэрца мяне напаткала,
То радасць, бязмернае шчасце пазнала.
І слодыч пачуў ты у словах маіх,
У гутарках ціхіх, вачох маіх чорных,