Старонка:Zarecki Michas.Zbor tvorau 4 1.djvu/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі


ЦІШКА БАБЫЛЬ

I

Гэта быў шавец. Самы звычайны. Жыў у невялічкай вёсцы Пракудзіне. Больш стар'ё правіў, а зрэдку і новыя боты майстраваў. Толькі рэдка такое свята яму выпадала, бо, праўду кажучы, у вёсцы, апрача Рамана Грышчанка, не было дужа заможных.

Сядзіць Цішка ў маленькай - што гняздзечка - старэнькай хацінцы, дзяўбе сваім кляўцом, хістаецца над стаадаўнай, папарэзанай, папраколанай, чорнай і бруднай скрыняй, закіданай усялякім начыннем, і пяе. Не пяе, а так бубніць пад нос, цягне цянюткім, сіплым галаском. Невыразліва, аднатонна. Пяе і стукае кляўцом.

У Цішкі нічога не было. Ён быў самы бедны ва ўсёй вёсцы, дый блізка ва ўсёй акрузе.Нават сям'ёй і то быў пакрыўджаны. Баба памёрла гады цераз два пасля вяселля, пакінуўшы малога хлопчыка. З ім і жыў цяпер Цішка. Дый той больш па людзях цёрся, рэдка калі ў дварэ быў.

Бабыль. Так і звалі ўсе Цішку. Гэта было яго прозвішча.

Цішка быў ціхі, рахманы чалавек. Нікога не чапаў, нікога не крыўдзіў. Ды яно хоць бы й захацеў каго пакрыўдзіць, дык, пэўна, не здолеў бы. Што ён мог зрабіць? Ці прыціснуць каго сваім багаццем? Ці сілу сваю над кім паспрабаваць? Бядота, слабейка - хоць бы самому як абараніцца!

Але, праўду сказаць, і яго ніхто дужа не важыўся крыўдзіць. Нават паважалі яго, як гэта ні дзіўна. Гэта ж ужо ўсюды такі звычай, што над бабылём і насмяюцца, і пакпяць з яго, а часам і штурхнуць нават. А тут - не.