Старонка:Vybranyja tvory 1927.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

17 

Дзікія гусанькі, птушачкі вольныя,
Весьнікі скорай зімы!
Хочацца з вамі ў сьцепы прасторныя,
К сьвету і сонцу ад цьмы!

Толькі-ж падрэзаны крыльлі свабодныя:
Моцна пільнуюць мяне —
Дзьверы акутыя, сьцены халодныя,
Краты з жалеза ў вакне.

Родныя абразы.

Вобразы мілыя роднага края,
Смутак і радасьць мая!
Што маё сэрца да вас парывае?
Чым так прыкованы я

К вам, мае ўзгорачкі роднага поля,
Рэчкі, курганы, лясы,
Поўныя смутку і жальбы нядолі,
Поўныя смутку красы?

Толькі я лягу і вочы закрыю,
Бачу я вас пред сабой:
Ціха праходзіце вы, як жывыя,
Зьяючы мілай красой.

Чуецца говар мне сьпелае нівы,
Ціхая жальба палёў,
Лесу высокага гоман шчасьлівы,
Песьня магучых дубоў…

Вобразы мілыя, вобразы смутныя,
Родныя вёскі і люд!
Песьні цягучыя, песьні пакутныя,
Бачу і чую вас тут!


Песьня няволі.

Як лёгкі дым, як тонкі пар,
Расталі ў небе кучы хмар…
Ой, неба глядзь далёкая,
Крыштабельная, глыбокая!